Кампанія LG Electronics паведаміла аб сваім намеры выпусціць новую лінейку партатыўных DVD-плэераў і мабільных тэлефонаў з падтрымкай лічбавага тэлевяшчання.

Прылады будуць прадэманстраваны на выставе Consumer Electronics Show, якая пройдзе ў Лас-Вегасе з 7 па 10 студзеня. Па словах кампаніі, серыя будзе ўключаць DVD плэер DP570MH і тры мадэлі тэлефонаў. Яны дазволяць глядзець тэлепраграмы нават падчас руху з хуткасцю да 290 кіламетраў у гадзіну. Мабыць, гэта вельмі спатрэбіцца падарожнікам, каб прабавіць час у транспарце.

Пры гэтым, дадзеныя прылады будуць прызначаныя не для роднага паўднёвакарэйскага рынка кампаніі, а для амерыканскага. Яны будуць падтрымліваць стандарт лічбавага тэлевяшчання Mobile DTV, ухвалены для ЗША арганізацыяй Advanced Television Systems Committee. DVD плэер LG DP570MH, напрыклад, дазволіць глядзець тэлепраграмы на працягу 4 гадзін ад адной падзарадкі акумулятара. Па ўсёй верагоднасці, неўзабаве пасля анонсу прылады LG з падтрымкай лічбавага тэлебачання паступяць у продаж.